РАДЫЁВЫМЯРА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады для вымярэння эл., магн., эл.магн. велічынь, якія характарызуюць параметры фіз. палёў, работу элементаў, прылад, прыстасаванняў радыёсувязі, радыёлакацыі, аўтаматыкі, тэлебачання і выліч. тэхнікі.
З дапамогай Р.п. ацэньваюць інтэнсіўнасць эл.-магн. палёў і выпрамяненняў, вызначаюць параметры элементаў радыёэлектронных схем (рэзістараў, кандэнсатараў, шпуль індуктыўнасцей, электронных, іонных і паўправадніковых прылад), аналізуюць від і параметры радыёсігналаў і перашкод, рэжымы работы і эксплуатацыйныя характарыстыкі электроннай і радыёапаратуры. У спалучэнні з рознымі вымяральнымі пераўтваральнікамі выкарыстоўваюцца таксама для вымярэння неэл. велічынь (т-ры, ціску і інш.). Р.п. працуюць у межах ад інфранізкіх да звышвысокіх частот пры напружаннях ад дзесятых доляў мікравольта да кілавольтаў. Шырока выкарыстоўваюцца лічбавыя метады вымярэнняў. Да Р.п. адносяцца асцылографы, вальтметры, генератары вымяральныя (у т. л. стандартных сігналаў), частатамеры, спектрааналізатары (гл. Спектральныя прылады), карэлометры і інш. аналагавыя і лічбавыя прылады.
На Беларусі выпускаюцца асцылографы, лічбавыя вальтметры, вымяральнікі частотных характарыстык, дыхтоўнасці вымяральнікі і інш.
Літ.:
Справочник по радиоизмерительным приборам. Т. 1—3. М., 1976—79;
Мирский Г.Я. Радиоэлектронные измерения. 3 изд. М., 1975.
В.І.Вараб’ёў.
т. 13, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)